Пілігрымка ў Глыбокае ​

Пілігрымка ў Глыбокае ​

На іншых мовах: en
Пілігрымка ў Глыбокае ​

Летнік “Вакацыі з Богам” ажыццявіў пілігрымку ў Глыбокае.

Юныя пілігрымы заўважылі, што ў Глыбокім вонкава вельмі падобныя адзін да аднаго два храма – касцёл Найсвяцейшай Тройцы і сабор Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, размешчаныя побач у гістарычным цэнтры горада.​ Троіцкі касцёл​ быў пабудаваны ў​ ​ XVIII ст.​ Сабор быў заснаваны ў XVII​ ст. і доўгі час з’яўляўся касцёлам каталіцкага кляштара кармелітаў. У 1865 г.​ каталіцкі кляштар быў скасаваны, і праз некаторы час храм быў пераабсталяваны пад праваслаўную царкву. Гэтым і тлумачыцца яго нетыповы для цэркваў знешні выгляд. Найперш пілігрымы​ накіраваліся ў​ касцёл Найсвяцейшай Тройцы, у якім святую Імшу цэлебраваў​ кс. Аляксандр Шамрыцкі МІС. Святар звярнуў увагу прысутных​ на тры​ партрэты ў храме.​ Касцёл захоўвае памяць пра ксяндзоў, якіх расстралялі немцы ў 1942 г. зусім недалёка ад храма – ва ўрочышчы Барок побач з Беразвеччам, тады прадмесцем Глыбокага. Ксяндзы Мечыслаў Багаткевіч, Уладыслаў Мацьковяк і Станіслаў Пыртак былі забітыя за сваю душпастырскую дзейнасць. Гэтыя пакутнікі былі ўзнесены да хвалы алтароў Святым Айцом Янам Паўлам ІІ у 1999 г. разам з пакутнікамі іншых краін.​

Сучасны касцёл у Глыбокім – гэта помнік архітэктуры XVIII і XX стагоддзяў.​ Але, як гэта бывае са старымі храмамі, гісторыя пачалася раней. У 1641 г. ваявода мсціслаўскі і стараста дзісенскі Язэп Корсак фундаваў будаўніцтва драўлянага касцёла ў сваёй частцы мястэчка. Партрэт фундатара дзеткі пабачылі ў касцёле, а пасля пазнавалі гэту значную для горада асобу​ ў музеі і алеі славутых землякоў.​ Мураваная святыня паўстала ў 1783 г., у касцёле можна пабачыць шыльду ў гонар асвячэння.​ У 1865 г. пасля канчатковага скасавання кармеліцкага кляштара ў парафіяльны касцёл быў перанесены цудадзейны абраз Дзевы Марыі Снежнай – гэта спіс з шанаванага ў Беларусі рымскага абраза Маці Божай. Назва тлумачыцца цудам, які адбыўся пры закладцы храма ў Рыме 5 жніўня 352 г. Дзева Марыя з’явілася ў сне фундатарам і сказала, каб храм будавалі там, дзе выпадзе снег – і ён выпаў у летнюю спёку на Эсквілінскім узгорку.​ Каталіцкую святыню Глыбоччыны называюць яшчэ абраз Маці Божай Шкаплернай, больш знанай як Падхорнай.​ Вельмі шмат людзей пачало атрымліваць ласкі і дабрадзействы за прычынай Маці Божай Падхорнай, і такім чынам пачалі з’яўляцца ўсё новыя і новыя экс-воты ад удзячных веруючых за атрыманыя цуды і ласкі.

З кляштару​ кармелітаў у Троіцкі касцёл пераняслі і шмат мэблі. Сярод якой і крэсла прыёра з выявай герба ордэна кармелітаў.​ Зусім нядаўна ў касцёл вярнуўся звон.​ У 2012 г. побач з касцёлам ставілі электрычную апору і бурам упёрліся ў нешта цвёрдае. З ямы дасталі звон, які сёння выкарыстоўваецца падчас набажэнства. Звон адліты ў 1882 годзе ў Варшаве.

Перад саборам Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы маецца прыгожая брама з агароджай.​ Цікавы сабор​ і сваімі падзямеллямі. Некалькі стагоддзяў яго падвалы служылі падземнай пахавальняй для манахаў, тут жа быў пахаваны і фундатар манастыра Язэп Корсак.​

Дзеткі наведалі​ Глыбоцкі Дом рамёстваў, у якім прадстаўлены розныя творчыя​ кірункі:​ роспіс па дрэве, ганчарства і лепка з гліны, вышыўка, бісерапляценне, выраб беларускай лялькі. Кожны кабінет – свайго роду музей па захаванні народнай творчасці. Неаднаразова майстры прэзентавалі свае вырабы на розных выставах, станавіліся прызёрамі, пераможцамі конкурсаў.​ Майстры займаюцца адраджэннем традыцыі маляваных дываноў, запачаткаваных вядомым мастаком​ Язэпам Драздовічам. Таксама праводзіцца праца па рэканструкцыі і адраджэнні вырабу мясцовых традыцыйных строяў. Разьбяр, мастак і рэканструктар дзіцячай цацкі Віктар Дудкевіч паказаў цацкі са сваёй унікальнай калекцыі. Дзеткі ўжо ведалі майстра і пазнавалі ягоныя цацкі, бо ён нядаўна прыязджаў у Місію Добрага Самараніна.

Юным наведвальнікам вельмі спадабалася ў​ Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі, дзе яны​ пазнаёміліся з багатай і цікавай гісторыяй​ горада і яго жыхароў. Дзеткі з цікавасцю прагуляліся па​ ​ алеі​ славутых людзей, што нарадзіліся або жылі на Глыбоччыне.