Раратняя святая Імша

Раратняя святая Імша

Раратняя святая Імша

6 снежня,​ ва ўспамін святога Мікалая, арцыбіскуп Тадэвуш​ Кандрусевіч​ узначаліў цэлебрацыю Раратняй святой Імшы ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што перадусім святы Мікалай перадае нам, сучасным хрысціянам, адну заўсёды актуальную праўду. Ён сваім узорам нагадвае пра неабходнасць шчодра дапамагаць бліжнім.

Распачаўся Адвэнт, таму традыцыйна ў нас​ адбываюцца Рараты – адмысловыя святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі.​ ​Распачынаючы святую Імшу ў паўзмроку, з запаленымі свечкамі ў руках, мы просім, каб Марыя дапамагла нам жыць паводле свайго прыкладу і добра падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння.​ Для дзетак гэтая святая служба асабліва чароўная і​ ўражлівая: у​ капліцы пагашана святло, толькі гараць запаленыя​ раратнія ліхтарыкі і свечкі.​ Але не толькі дзеткі любяць Рараты. Дарослыя таксама падкрэсліваюць, што Раратнія святыя Імшы маюць штосьці незвычайнае, нетыповае для нашай штодзённасці, што можа даць адпачынак для сэрца, розуму і для душы.

У нашай капліцы створаны адвэнтавыя дэкарацыі, якія маюць адмысловую сімволіку.​ Чатыры свечкі – чатыры тыдні чакання Божага Нараджэння. Чаканне​ –​ у гэтым слове змяшчаецца самы глыбокі сэнс Адвэнту.​ Спачатку запальваецца толькі адна з чатырох свечак у калядным вянку. Але з​ кожным тыднем святла становіцца болей. Вялікая белая раратняя свечка з’яўляецца сімвалам Марыі​ як ранішняй зоркі збаўлення.

У перыяд Адвэнту варта пастарацца браць удзел у Раратніх Імшах.​ Гэта дапаможа напоўніць перыяд Адвэнту духам чування і малітвы, каб праз заступніцтва Панны Марыі​ годна падрыхтавацца да сустрэчы Збаўцы ў святкаванні Божага Нараджэння

У нашай Місіі Раратнія Імшы на працягу Адвэнту​ адбываюцца два разы на тыдзень:

  • панядзелак 8:40
  • серада​ 17:00