24 кастрычніка ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры ў Мінску адбылося спатканне міністрантаў, якое аб’яднала прадстаўнікоў літургічнай службы алтара з розных парафіій нашай архідыяцэзіі. Гэты дзень стаў для ўдзельнікаў выдатнай магчымасцю для супольнай малітвы, паглыблення веры, а таксама для сяброўскіх сустрэч і знаёмстваў.
У спатканні прынялі ўдзел міністранты з архікафедральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Мінск), парафіі св. Яна Евангеліста (Мінск), парафіі Божага Цела (Мінск), Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра — (Мінск) і парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Дзераўная). Міністранты прыбылі на мерапрыемства разам са сваімі душпастырамі.


Праграма спаткання была прысвечаная фацімскай тэматыцы. Сустрэча распачалася з супольнай ружанцовай малітвы. Пасля яе ўдзельнікі былі запрошаныя да прагляду тэатральнай пастаноўкі «Моц фацімскіх аб’яўленняў», якая нагадала прысутным пра важнасць пакаяння, малітвы і паслання, якое Маці Божая перадала свету праз фацімскіх пастушкоў.
Тэму аб’яўленняў працягнула катэхеза, падчас якой хлопцы змаглі больш даведацца пра гісторыю і духоўнае значэнне гэтых падзей. Атрыманыя веды міністранты праверылі на практыцы — падчас віктарыны, пасля якой пераможцы атрымалі памятныя дыпломы.


