Сусветны Дзень Дзіцяці ў Будславе

Сусветны Дзень Дзіцяці ў Будславе

На іншых мовах: pl ru
Сусветны Дзень Дзіцяці ў Будславе
Тэма сёлетняй сустрэчы: Гэта мы – радасць і надзея.
Больш за 1000 дзяцей прыбылі са сваімі душпастырамі, катэхетамі і бацькамі. Нават кепскае надвор’е, што было напрацягу тыдня напярэдадні, не спалохала арганізаратаў і ўдзельнікаў. Усё прайшло сонечна!
Прывітальне слова кс. Аляксандра Шамрыцкага MIC дало пачатак святкаванню.  А самым важным пунктам была Эўхарыстыя, якую цэлебраваў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Падчас прамовы да дзяцей у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, арцыбіскуп разважаў пра тое, чаму Марыя, негледзячы на выпрабаванні ў сваім жыцці, усё роўна была радаснай асобай, і адкуль яна чэрпала гэтую радасць і надзею.
Пасля св. Імшы і кароткага перапынку дзяцей чакала забаўляльная праграма, якую падрыхтавала салезіянская моладзь разам са сваім душпастырам, кс. Алегам Каралёвым. Усе прысутныя мелі таксама магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах.
Пасля была малітва праслаўлення, якую правялі дзеці не толькі з каталіцкіх супольнасцяў, але і іншых канфесій.
Сустрэчу завяршыла супольная малітва “Ойча наш” усіх прысутных.
У арганізацыю мерапрыемства ўключылася каля 100 валанцёраў, шматлікія парафіі, арганізацыі і індывідуальныя асобы складалі ахвяраванні. Няхай Бог ім усім аддзячыць!
Больш фота з мерапрыемства глядзіце па спасылцы
Некаторыя ўдзельнікі падзяліліся сваімі уражаннямі:
Міша (Барысаў):
Было весела разам. Усё было маштабным: колькасць дзяцей, майстар – класаў і гульняў. Спадабаўся таксама канцэрт, былі прыгожыя спевы з глыбокім сэнсам.

Глеб (Будслаў):

Добры  день! Вельмi ўсё спадабалася. Вялiкi дзякуй за вельмi цудоўнае свята для дзяцей.

Багдан (Смалявічы):
Мне вельмі спадабалася ўчарашняя сустрэча. Спадабаліся гэтыя гульні, я нават атрымаў тры выйгрыша. Мне вельмі добра было ў душы.
Марта (Мінск):
Усё вельмі спадабалася.
Асабліва цікава слухаць песні пад электрагітары.
Лёша (Барысаў):
Асаблівым момантам для мяне была Імша, на якой я бачыў шмат святароў. Спадабалася гамілія абпаарцыбіскупа Юзафа.
Соня (Смалявічы):
Гэты дзень у Будславе мне вельмі спадабаўся! Як і ў мінулым годзе, гэтае мерапрыемства напоўнена радасцю, усмешкамі, вяселлем і добрымі людзьмі) Гэтая Святая Імша заусёды застаецца у сэрцах людзей, бо атмасфера якая на ёю прысутнічае зачароўвае душу). І ніякі дождж не перашкаджае нам праслаўляць Пана Бога нашага.