11 лютага з нагоды Дня хворых у Місіі Добрага Самараніна адбылося свята, у якім прынялі ўдзел каля 70-і асобаў з абмежаванымі магчымасцямі. Сусветны дзень хворых адзначаецца ва ўспамін Маці Божай з Люрда, дзе па сённяшні дзень адбываецца шмат аздараўленняў.
Для ўсіх прысутных быў падрыхтаваны канцэрт, урачыстая вячэра, забаўляльная праграма. Духоўны айцец Місіі, кс. Аляксандр Шамрыцкі, звярнуўся да прысутных са словам, падкрэсліваючы, што цярпенне і хваробы з’яўляюцца часткай нажага жыцця. Мы як хрысціяне не павінны наракаць на свой лёс, але старацца з мужнасцю і радасцю перажываць усе цяжкасці. Святар нагадаў змест прыпавесці пра Добрага Самараніна і зазначыў, што мы павінны клапаціцца пра тое, каб чалавек у патрэбе ніколі не заставаўся адзін са сваімі клопатамі.
Спадзяёмся, што свята, якое адбылося ў Місіі, распаліла ў сэрцах усіх прысутных агеньчык цеплыні, радасці і надзеі.