Ужо другі раз больш за 100 прадстаўніц малітоўнага руху мамаў з усёй краіны сабраліся ў будынку Сацыяльнага Цэнтра. Былі малітва, размовы, цікавыя сустрэчы і супольныя абмеркаванні.
Людміла Губіна, каардынатарка руху “Маці ў малітве” ў Беларусі, падзялілася з самаранінам, што “нам вельмі камфортна спатыкацца ў Сацыяльным Цэнтры. Гэта месца, дзе збіраюцца дзеці. А мы молімся не толькі за сваіх дзяцей, але за ўсіх дзяцей. Таму для нас вельмі важна збірацца менавіта тут”. “Сёлета ў Іспанскім горадзе Авілі быў сусветны з’езд “Маці ў малітве”. Былі прадстаўніцы з усіх кантынентаў, мамы з такіх далёкіх краін як Паўднёвая Карэя, Японія, Канада, ЗША і шмат іншых. Мы з яшчэ адной прадстаўніцай з Беларусі таксама ўдзельнічалі ў гэтым спатканні. Мы дзяліліся гэтым з нашымі мамамі з Беларусі”, — дадала спадарыня Людміла.
Моцным пунктам сустрэчы было спатканне з Максімам Бацкалевічам і яго сям’ёй. Максім з дзяцінства хварэе цяжкай формай ДЦП. Ён ня можа гаварыць і адзінай формай зносін са знешнім светам для яго застаецца азбука — Максім набірае словы локцем. Cёння ён здольны набіраць 40 словаў у гадзіну. Нягледзячы на гэта, хлопец напісаў ужо 5 кніг. Сям’я дзялілася з прысутнымі сваім перажываннем веры і вопытам супольнага пераадолення цяжкасцей.
“Нашы мамы ўбачылі як мама можа дапамагчы дзіцю якое вось такое. Нельга апускаць рукі, з Божай дапамогай заўсёды можна дапамагчы свайму дзіцяціці”, — падсумавала Людміла Губіна, — “усе думаюць толькі пра матэрыяльнае багацце сваіх дзяцей — лепшая праца, больш грошай. А трэба ж пра іншае. Нашы мамы вярнуліся ў свае дамы зусім іншымі.”
Рух “Маці ў малітве” дзейнічае ў 123 краінах свету, беларуская суполка лічыць каля 700 асобаў. Мамы моляцца за дзяцей і паглыбляюць сваё мацярынскае пакліканне. Жанчыны збіраюцца раз на тыдзень на сустрэчу якая складаецца з малітвы, чытання Бібліі і абмеркавання сямейных тэм.