У нашым летніку “Вакацыі з Богам” дзеткі паглядзелі спектакль па кнізе “Блінны торт”. Як жа весела было бавіць час разам з любімымі героямі кнігі шведскага дзіцячага пісьменніка Свэна Нурдквіста! Гэта быў незвычайны спектакль, бо дзеткі сталі яго ўдзельнікамі. Яны дапамагалі героям і нават упрыгожвалі пірог для Фіндуса! Панавала атмасфера цікаўнасці і няўрымслівасці. Юным тэатралам можна было гучна смяяцца і танцаваць пад музыку.
“Блінны торт” – гэта першая кніга з серыі пра Фіндуса і Пэтсана, створаная ў 1984 г. Гісторыя захапляльная, проста не адарвацца: Кату Фіндусу падабаецца святкаваць Дзень народзінаў, і таму ён святкуе яго тры разы на год. Звычайна ў гэты дзень Пэтсан пячэ блінны торт. Для гэтага патрэбныя яйкі, мука і малако. Мукі дома няма, таму Пэтсану трэба з’ездзіць на ровары ў краму ды набыць яе. Але спачатку – адрамантаваць ровар інструментамі, якія ляжаць у майстэрні, ключ ад якой апынуўся ў калодзежы. Каб дастаць ключ, трэба ўзяць драбіны, прытуліўшыся да якіх спіць страшны ды злосны бык…
Інтэрактыўная пастаноўка з гульнямі, спевамі і рухамі падарыла дзеткам шмат радасці і весялосці!