У Мінску з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча прайшла першая ў Беларусі хрысціянская IT-канферэнцыя

У Мінску з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча прайшла першая ў Беларусі хрысціянская IT-канферэнцыя

У Мінску з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча прайшла першая ў Беларусі хрысціянская IT-канферэнцыя

Тэкст: Ганна ТрызнюкАляксандра Шпілеўская / Фота: Вераніка Скрабатун / Catholic.by

25 лістапада ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры дабрачыннай місіі Добрага Самараніна ў Мінску прайшла першая ў Беларусі хрысціянская IT-канферэнцыя IT FOR CHRIST, што можна перакласці з англійскай мовы як «Інтэрнэт-тэхналогіі для Хрыста».

Удзельнікамі мерапрыемтсва сталі прадстаўнікі розных прафесій: распрацоўшчыкі, дызайнеры, мэнаджэры, аналітыкі і спецыялісты ў галіне мас-медыя. Самы малодшы выступоўца, 10-гадовы Косця Бахір, падзяліўся сваім праектам — відэагульнёй, якая дапаможа яго сябрам у будучыні стаць кіроўцамі аўтобусаў і тралейбусаў.

Мэтай канферэнцыі стала стварэнне хрысціянскай IT-супольнасці для новых праектаў для Касцёла і евангелізацыі. Колькасць удзельнікаў перасягнула чаканні арганізатараў: удзел узялі каля 70-і чалавек розных прафесій і хрысціняскіх канфесій.

Мерапрыемства распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У прамоўленай гаміліі іерарх, які мае тэхнічную адукацыю, падзяліўся разважаннямі над пытаннем: інтэрнэт-тэхналогіі — гэта благаслаўленне ці праклён?

«Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу і падабенства і наказаў яму ўдасканальваць свет і ім валодаць. Таму чалавек у сваёй дзейнасці павінен выкарыстоўваць адмысловыя інструменты і тэхналогіі, у тым ліку і Інтэрнэт», — заўважыў арцыбіскуп.

Іерарх нагадаў, вернікам, што хрысціянам важна перш за ўсё прыпадабняцца да Хрыста і няспынна імкнуцца больш Яго пазнаць праз Святое Пісанне, сакрамэнты і іншую касцёльную дзейнасць.

«Хоць штучны інтэлект можа пазітыўна ўплываць на евангелізацыю і рэлігійнае жыццё, тым не менш ён не можа замяніць Божага Духа. Калі чалавек у Святым Пісанні і сакрамэнтах асабіста сустракаецца з Хрыстом, то для інтэрнэт-тэхналогій такая сустрэча немагчымая, бо камп’ютар, смартфон — гэта машына. У гэтым крыецца духоўная перавага чалавечага інтэлекту над штучным»,— дадаў іерарх.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гамілію малітвай да нябеснага апякуна інтэрнэта благаслаўлёнага Карло Акуціса: «Выпрасі ў Бога ласку, каб выкарыстаныя згодна з маральнымі нормамі інтэрнэт-тэхналогіі служылі развіццю душпастырства, сталі благаслаўленнем для беларускага Касцёла і грамадства, вялі людзей да сустрэчы з Хрыстом — адзіным Збаўцам свету, учора, сёння і ва ўсе часы».

Падчас канферэнцыі удзельнікі выслухалі даклады ад запрошаных экспертыў. Першым прамовіў Раман Сердзюкоў, кандыдат тэхнічных навук, тэхнічны прадзюсар у кампаніі па распрацоўцы мабільных гульняў. У межах канферэнцыі спецыяліст распавёў пра тое, чаму людзі гуляюць у камп’ютарныя гульні, растлумачыў, як гульні ствараюцца, якія тыпы гульняў не выклікаюць моцную залежнасць, а таксама падзяліўся патэнцыйнымі ідэямі для хрысціянкіх відэагульняў.

Наступным пунктам праграмы стала інтэрактыўная лекцыя ад клінічнага псіхолага і нейрапсіхолага, намесніка дырэктара дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Івана Пузанава. Што такое эмацыйнае выгаранне, як правільна адпачываць і як пражываць цяжкія этапы жыцця — на гэтых пытаннях засяродзіўся спецыяліст у сваёй лекцыі.

Віктар і Андрэй Місаны распавялі пра гісторыю стварэння валанцёрскага IT-праекта Іmsha.by, на якім можна знайсці час святых Імшаў у многіх парафіях Беларусі. Заснавальнікі праекту падзяліліся досведам яго стварэння, распавялі пра тое, з якімі сутыкнуліся цяжкасцямі, а таксама пра тое, як яны будавалі праект і знаходзілі валанцёраў.

Важным пунктам праграмы стала дыскусійная панэль. Запрошаныя госці, прадстаўнікі розных канфесій, заснавальнікі і ўдзельнікі хрысціянскіх праектаў, дзяліліся сваім досведам адносна таго, як запусціць і развіваць хрысціянскія медыя-праекты. Ксёндз Павел Рудзьман з Баранавічаў (Пінская дыяцэзія) расказаў пра гісторыю інстаграм-праекта «#кофесосвященником»Юрый Астраленка — пра партал па займальныму вывучэнню Бібліі probibli.com, журналіст і праваслаўны блогер Серафім Сашліеў — пра YouTube-канал «Серафім».

Фіналам канферэнцыі стала інтэлектуальная гульня «мазгабой», якая дапамагла ўдзельнікам яшчэ больш пазнаёміцца адно з адным.

Абмен ведамі, нэтўоркінг, новыя кантакты — усё гэта было адной з мэтаў мерапрыемства, каб стварыць супольнасць хрысціянаў, якія дзеляцца досведам у IT-сферы і служаць у евангелізацыйных праектах.

Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што канферэнцыя дала ім матывацыю і натхненне, новыя знаёмствы і веды, а таксама новыя ідэі для праектаў.

Сачыць за праектам IT FOR CHRIST можна на сайце it4christ.by