22 траўня ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбылася Першая Святая Камунія. Выхаванцы Місіі ўпершыню прынялі Цела Хрыста ў свае чыстыя, поўныя Веры сэрцы. Да гэтага важнага дня ім дапамагалі рыхтавацца бацькі і духоўныя настаўнікі.
Першая Камунія з’яўляецца першым, святочным і свядомым актам спажывання Пана Езуса падчас Сакраманту Эўхарыстыі, які пад выглядам хлеба і віна прысутнічае сярод нас. У прыгожым белым адзенні дзеці разам з бацькамі і роднымі прыйшлі ў святыню, якая таксама была па-святочнаму дэкаравана. Але самае галоўнае, што сэрцы маленькіх вернікаў з нецярпеннем чакалі Езуса ў выглядзе белай Гостыі. Святая Імша распачалася ўрачыстым уваходам дзяцей у святыню, калі бацькі благаславілі сваіх дзяцей.
Галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі самыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Яны шчыра ўзносілі да Бога свае малітвы, чыталі ўрыўкі са Святога Пісьма, спявалі псальмы, неслі падрыхтаваныя дары… Няхай гэтая ўрачыстасць адорыць нашых дзяцей шматлікімі духоўнымі ласкамі і ўмацуе іх і іхнія сем’і да вытрывалага быцця відавочным знакам прысутнасці Хрыста ў Касцёле і ў жыцці кожнага з іх.
Больш за сто фотаздымкаў глядзіце ў альбоме.