Выстава аднаго прадмета

Выстава аднаго прадмета

Выстава аднаго прадмета

У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры на выставе абразоў распачаўся новы музейны праект – выстава аднаго прадмета.

На працягу дэкады у прыгожым куфэрку будзе прадстаўлены пэўны незвычайны рарытэт, пасля ён саступіць месца іншаму прадмету. Такім чынам, цягам года можна будзе ўбачыць ажно 36 адметных цікавостак.

Новы праект распачаўся паказам незвычайнай кнігі. Гэта том брытанскай энцыклапедыі 1930-х гадоў. Некалі ён знаходзіўся ў бібліятэцы Скірмунтаў у Моладаве на Палессі.

Том брытанскай энцыклапедыі.

Святая Уршуля Ледухоўская адзначала: “Скірмунты, уладальнікі прыгожага маёнтка Моладава, шчодра ахвяравалі гэтую маёмасць нашай Кангрэгацыі, яшчэ пры жыцці даверыўшы нам ворныя землі і лугі на дабрачынныя мэты”.

Місія ў Моладаве стала найбуйнейшай справай уршулянак. У мястэчку манахіні заснавалі два дзіцячыя садкі, займаліся катэхізацыяй і доглядам за хворымі. Мясцовыя жыхары прынялі манахінь з вялікай павагай, бо бачылі іх лад жыцця, а таксама былі ўражаныя бясплатнай дапамогай, якую яны аказвалі.

Сёстры ўршулянкі у Моладаве разам са Скірмунтамі.  Другі злева стаіць славуты ксёндз Ян Зея. 1937 год.

На старым выданні збярогся нумар “4252”, які магчыма сведчыць пра вялікую бібліятэку Скірмунтаў. Адметна, што найбуйнейшая бібліятэка створаная ўршулянкамі на Палессі, была менавіта ў Моладаве. Большасць кніг ахвяравалі Скірмунты.

Нумар на старонцы кнігі.

Гэты том у свой час уратаваў настаўнік Аляксандр Шык. Сімвалічна, што ён сам некалі быў навучэнцам уршулянак і славутага ксяндза Яна Зеі. Разумеючы, што кніга мае вялікае значэнне, ён змог уратаваць цікавыя памяткі ад знішчэння.

У 2023 годзе супрацоўнікі Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра здзейснілі некалькі экспедыцый на Палессе з мэтай вывучэння дзейнасці сясцёр уршулянак. Падчас адной з вандровак кніга была перададзена ў місію уршулянак сынам настаўніка, Аляксандрам Аляксандравічам.

Стары падарожны куфэрак, у якім экспануецца выстава аднаго прадмета.

Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных наведаць экспазіцыю, дзе можна пачуць цікавы аповед пра ўнікальныя рарытэты ад вядучага навуковага супрацоўніка Мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай, куратара экспазіцыі Паўла Каралёва.

Дадатковая інфармацыя і запіс:

e-mail: samaranin16@gmail.com

Адрас: г. Мінск, Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, вул. Серафімовіча, 19.