З удзелам арцыбіскупаў адбылася канферэнцыя, прысвечаная праблемам сям’і

З удзелам арцыбіскупаў адбылася канферэнцыя, прысвечаная праблемам сям’і

На іншых мовах: ru pl
З удзелам арцыбіскупаў адбылася канферэнцыя, прысвечаная праблемам сям’і

7 мая ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна адбылася канферэнцыя на тэму “Хрысціянская сям’я перад абліччам сучасных выклікаў”.

Канферэнцыя распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Пасля Эўхарыстыі іерарх звярнуўся з уступным словам да ўдзельнікаў, а потым пачаліся выступленні дакладчыкаў, інфармуе Сatholic.by.

Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў даклад на тэму «Погляд Каталіцкага Касцёла на сям’ю і выхаванне моладзі».

У ім заслужаны іерарх перадусім звярнуў увагу ўдзельнікаў на трагічную сітуацыю сучаснай сям’і, якая як падмурак грамадства патрабуе хутчэйшага аздараўлення. Ён заўважыў, што традыцыйнае бачанне сям’і як створанага Богам саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння і выхавання патомства сёння паддаецца сумневу і становіцца аб’ектам нападаў.

Іерарх зазначыў, што Касцёл абараняе Богам устаноўлены інстытут сям’і і ўспрымае сужэнства не толькі як натуральную дамову мужчыны і жанчыны, але і як боскі сакрамэнтальны дар. Ён дадаў, што падрыхтоўка да стварэння сям’і з’яўляецца важным і першачарговым заданнем як Касцёла, так і грамадства. У гэтым працэсе, на думку арцыбіскупа, галоўную ролю адыгрывае сама сям’я, якая рыхтуе сваіх дзяцей да прыняцця на сябе будучых абавязкаў сем’яніна.

“Маральна здаровая сям’я з’яўляецца ўмовай развіцця чалавека і супольнасці”,— упэўнены арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што сужэнскія здрады, аборты, закрытасць, эмацыйная нясталасць, няўменне вырашаць канфлікты, адсутнасць дыялогу, алкагалізм, наркаманія, гульнявая і кампутарныя залежнасці і іншыя паталогіі распаўсюджваюцца як разбуральны для сям’і вірус. Маладыя людзі не хочуць або баяцца засноўваць сям’ю. Практыкуюцца вольныя саюзы мужчыны і жанчыны, якія не звязваюць сябе ніякімі абавязацельствамі. У інстытуце сям’і ўсё часцей выяўляюцца сімптомы культуры часовасці, калі людзі пераходзяць ад адных пачуццёвых адносін да іншых, нагадаў словы Папы Францішка арцыпастыр, дадаўшы, што негатыўны ўплыў на выхаванне маладога пакалення аказвае няправільна зразуметая свабода рабіць усё, што хочацца.

Ён падкрэсліў, што вялікай небяспекай для традыцыйных асноваў сям’і становіцца гендарная ідэалогія, якая, па словах Папы Францішка, з’яўляецца «ідэалагічнай каланізацыяй». Іерарх занепакоены тым, што сёння інтэрнэт фармуе менталітэт маладога чалавека, які далёка не заўсёды сугучны з агульнапрынятымі чалавечымі і маральнымі нормамі.

Касцёл не трымаецца ў баку ад праблем сям’і, чытае знакі часу і імкнецца адказаць на іх. Найлепшым сведчаннем гэтага, як лічыць заслужаны іерарх, з’яўляюцца прысвечаныя праблеме сям’і два Сіноды біскупаў у 2014 і 2015 годзе.

Арцыбіскуп заклікаў сем’і, дзяржаўныя і грамадскія інстытуты, навуковыя ўстановы і прадстаўнікоў розных веравызнанняў аб’яднаць намаганні з мэтай выпрацоўкі сумесных падыходаў для аздараўлення беларускай сям’і.

«Калі гэтага не зробім мы, то хто іншы? Калі не сёння, дык калі? Махавік працэсу секулярызацыі маладога пакалення імкліва раскручваецца. Цягнік, у якім яно знаходзіцца, адыходзіць. Калі не будуць зроблены адпаведныя захады, перш за ўсё духоўнага выхавання, то ён ад’едзе, а мы застанемся стаяць на платформе, праводзячы яго вачыма. А ў ім будуць нашыя дзеці, наша будучыня. Якім яно будзе без маральнага падмурка?

Таму неабходна зрабіць усё магчымае, каб сям’я стала радасцю і надзеяй нашай Айчыны»,— падсумаваў свой даклад арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Акрамя яго свае даклады прадставілі айцец Віталій Сапега ОР, чыё выступленне было прысвечана выхаванню моладзі да сямейнага жыцця, Іван Пузанаў, які звярнуў увагу на сучасныя пагрозы сям’і, а таксама Уладзіслаў Валаховіч, чый даклад знаёміў з біблійнымі падставамі патрэбы пакаяння за грахі супраць жыцця і сям’і.

Пасля дакладаў адбыліся два круглыя сталы на тэмы: «Падрыхтоўка да сужэнства» і «Выхаванне дзяцей». У ліку ўдзельнікаў на канферэнцыі прысутнічалі студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа святога Яна Хрысціцеля.