У Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры дэманструецца ўнікальная калекцыя абразоў “Нябёсная варта Беларусі”. У экспазіцыі прадстаўлены абразы, да якіх больш за сотню гадоў звярталіся з самымі патаемнымі думкамі і просьбамі нашы продкі.
На абразах – выявы Хрыста, Дзевы Марыі, святога Міколы і святога Юрыя. Гэта нябёснае войска, на якое ва ўсе часы спадзяваўся беларускі народ. Абліччы святых глядзяць з ліштваў (мастацкі элемент вонкавага аздаблення сялянскай хаты), нібы з вокнаў беларускіх хат. Ліштвы паходзяць з Гомеля і з вёскі Кудрычы Пінскага раёна. Апошняя мясціна знаходзіцца ўсяго ў дзясятку кіламетраў ад аднаго з гістарычных цэнтраў дзейнасці ўршулянак на Палессі – вёскі Гарадзішча. Таму размяшчэнне ліштваў ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры, якім апякуюцца сёстры ўршулянкі, з’яўляецца сімвалічным. У старых куфрах размешчаны матэрыялы па гісторыі дзейнасці ўршулянак на беларускіх землях.
Перлінай калекцыі з’яўляецца ўнікальны храмавы абраз XVIII стагоддзя з Кобрынскага раёна, які за савецкім часам дзесяцігоддзі выкарыстоўваўся ў якасці дошкі, забітай у сцяну звычайнай хаты. З Добрушскага раёна паходзіць абраз Дзевы Марыі з немаўляткам Езусам і Янам Хрысціцелем, які ёсць народнай копіяй славутага твора Рафаэля “Мадонна ў крэсле”. Цікавасць прадстаўляе вобраз траеручыцы Дзевы Марыі з Хрыстом (з вёскі Хальч Веткаўскага раёна). На выяве застаўся бачны сюжэт ранейшага абраза святога Міколы. Нават цяпер праглядаецца аблачэнне славутага біскупа. Цікавымі абразамі з’яўляюцца таксама “Неапалімая Купіна”, Святая Барбара, прарок Ілля, каранаванне Дзевы Марыі і многія іншыя. Можна сцвярджаць, што абразы і ліштвы – уратаваная спадчына. Творы знаходзіліся ў кепскім стане, аднак праведзеныя кансервацыя і рэстаўрацыя дазволілі вярнуць і падкрэсліць прыгажосць твораў беларускага мастацтва. Экспазіцыя аздоблена народнымі ручнікамі, якія паходзяць з розных мясцін Беларусі.
Запрашаем усіх ахвотных наведаць экспазіцыю, дзе можна пачуць цікавы расповед пра ўнікальныя рарытэты ад вядучага навуковага супрацоўніка Місіі, куратара экспазіцыі Паўла Каралёва. Наведвальнікі змогуць далучыцца і да справы стварэння рукапіснай Бібліі.
Дадатковая інфармацыя і запіс:
+375 17 343-99-17;
+375 44 770 09 01 – Рэцэпцыя
samaranin16@gmail.com
Наш адрас: Хрысціянскі Сацыяльны Цэнтр (вул. Серафімовіча, 19, г. Мінск)