Запрашаем у пілігрымку

Запрашаем у пілігрымку

На іншых мовах: ru pl
Запрашаем у пілігрымку

Хрысціянскі сацыяльны цэнтр запрашае 14 верасня 2025 года ў аўтобусную пілігрымку па маршруце: Мінск – Дзяржынск – Дзягільня – Баравое – Рубяжэвічы – Старынкі – Вялікія Навасёлкі – Мінск.

У Дзяржынску група наведае касцёл святой Ганны і мясцовае замчышча. Пазнаёмімся таксама з гісторыяй мясцовай праваслаўнай святыні і лёсам святара Сяргея Садоўскага.
У Дзягільне наведаем месца пахаванняў роду Янушкевічаў, дзе знайшоў спачынак Адольф Янушкевіч (1803 – 1857) – беларускі і польскі паэт, этнограф, даследчык побыту казахскага народу. У паэме Адама Міцкевіча “Дзяды” ёсць герой – Адольф, які з’яўляецца прататыпам менавіта А.Янушкевіча.
У мясціне Баравое наведаем пахавальную капліцу роду Дыбоўскіх. З гэтага роду быў Бэнэдыкт Дыбоўскі (1833 – 1930) – чалавек, які адкрыў для ўсяго свету возера Байкал.
У Рубяжэвічах затрымаемся ў касцёле святога Юзафа пачатку 20 ст. і дазнаемся як атрымаў дазвол на будаўніцтва легендарны Антоній Тур. З Рубяжэвічамі звязана таксама жыццё Бянігны Луцэвіч – маці славутага Янкі Купалы.
У Старынках убачым руіны храма Пятра і Паўла (19 ст.).
У Вялікіх Навасёлках мы наведаем месца спачыну Казіміра Кастравіцкага (1868-1918) – ён жа паэт Карусь Каганец. Ягоны псеўданім азначаў светач, свяцільню, што асвятляе прастору. З’яўляецца аўтарам аднаго з рэлігійных гімнаў «О Божа, спасе наш». Таксама ўбачым сядзібны комплекс Кастравіцкіх у Вялікіх Навасёлках.

Падчас вандроўкі будзе расповед пра асобы і святыні, таксама магчымасць удзелу ў пазнавальнай віктарыне.
На конт запісу на пілігрымку тэлефануйце: +375297762435.
Ахвяраванне за пілігрымку складае 70 бел. рублёў.
Разам будзем спазнаваць старонкі хрысціянскай гісторыі Беларусі.