Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
У гісторыі збаўлення лічба 40 сімвалічная. Так, у часы Ноя патоп трываў 40 дзён; прарок Ілля ішоў таксама 40 дзён да Божай гары Харыва; Маісей прабываў на гары Сінай 40 дзён і там атрымаў з рук Бога дзесяць Божых запаведзяў; габрэі ішлі з егіпецкага палону ў Зямлю абяцаную 40 гадоў; прарок Ёна даў жыхарам Нінівы 40 дзён для навяртання; Езус 40 дзён прабываў на пустыні, дзе маліўся і пасціўся.
Час Вялікага посту з’яўляецца часам пакаяння, таму альтэрнатыўныя словы, якія выкарыстоўваюцца пры пасыпанні галоў попелам, гэта: “Кайцеся і верце ў Евангелле”.
У гісторыі збаўлення попел з’яўляецца сімвалам пакаяння. У старажытныя часы людзі выказвалі пакаянне, раздзіраючы на сабе вопратку, апранаючы жорсткае адзенне і пасыпаючы галаву попелам.
Прарок Ёэль заклікаў народ да пакаяння, наступнымі словамі: вярніся да Бога ўсім сэрцам праз пост, плач і жалобу; разрывайце сэрцы вашыя, а не вопратку, і звярніцеся да Бога, бо ён міласэрны.
Попел для пасыпання галоў атрымліваецца ад спальвання пальмаў і вербаў, якія былі асвечаны ў мінулым годзе ў Пальмовую нядзелю. Гэта вельмі сімвалічна. Пальма сімвалізуе перамогу. Таму габрэі віталі Езуса, які ўязджаў у Ерузалем, пальмавымі галінкамі.
Падчас мінулагодняга Вялікага паста мы перамагалі саміх сябе і ачышчалі нашыя душы ад грахоў. Таму і асвячалі пальмы, як знак перамогі над грахом. Аднак, мы добра ведаем, што скажоная першародным грахом чалавечая прырода схільна да зла. Нездарма св. апостал Павел кажа: ведаю, што такое дабро, але чыню зло.
Спаленныя мінулагоднія пальмавыя галінкі – гэта знак таго, што мы адышлі ад стану Божай ласкі і патрабуем навяртання. Таму час Вялікага посту з’яўляецца часам ласкі. Ён дае магчымасць ачысціць нашыя сэрцы, каб прабываць у стане Божай ласкі.
Але падобнае павінна адбывацца і ў духоўным жыцці. Да духоўных практыкаванняў Вялікага посту адносяцца малітва, міласціна і пост. Езус дае некалькі вельмі карысных інструкцый аб тым, як маліцца, даваць міласціну і пасціцца.
Малітва. Кожны дзень нашага жыцця павінен быць выпаўнены малітвай. Малітва патрэбна для духоўнага жыцця, так як паветра для фізычнага. Без паветра чалавек памірае фізычна, без малітвы памірае духоўна.
Аднак малітва павінна адбывацца не напаказ, каб іншыя бачылі, але ў духу і праўдзе. Нездарма Езус кажа, што калі молішся, то пайдзі ў свой пакой і маліся ў таемнасці. Гэта азначае, што ўсякая малітва павінна зыходзіць з сэрца.
Міласціня. Сёння становіцца модным рэкламаваць дабрачынныя справы. У той сам час Езус кажа, што калі даеш міласціню, то няхай твая левая рука не ведае, што робіць правая, каб міласціня была таемнай.
Нездарма людзі справядліва кажуць, што лепшай формай дабрачыннасці з’яўляецца такая, калі дарыцель не ведае, хто атрымлівае ахвяру. У адваротным выпадку ён будзе чакаць удзячнасці ад таго, каму дапамог. Нам вядома прыказка: рука руку мые. Вельмі добра аб гэтым кажа і лацінскае выслоў’е: “Do ut des”, што можна перакласці як “Даю, каб атрымаць”.
Пост. Вельмі часта пост успрымаецца як устрыманне ад мяса. У той сам час пост з’яўляецца адным з найбольш карысных духоўных практыкаванняў. На самой справе яго сутнасць не ў абмяжаванні колькасці і якасці ежы. Пост, найперш, павінен мець духоўнае вымярэнне. Ён павінен уключаць пост ад граху і шкодных звычак, што можа быць нават больш складана ніж абмяжаванне ежы.
Нездарма Папа святы Леў Вялікі кажа, што пост – гэта не проста абмяжаванне ежы, але адмова ад злых звычак. Іншымі словамі, пост заключаецца ў тым, каб адарвацца ад мірскіх задавальненняў і засяродзіцца на нашых адносінах з Богам і дабрачынных справах.
У гэтай справе вялікай дапамогай могуць быць велікапосныя рэкалекцыі, пакутныя набажэнствы, крыжовы шлях, песні жальбы і т.п.
Практыкі Вялікага посту пераследуюць іншую мэту. Менавіта, нашае духоўнае навяртанне. Нездарма св. апостал Павел кажа, што калі мы імкнёмся дагаджаць людзям, то не можам быць слугамі Хрыста.
Няхай тады пачатак гэтага часу навяртання і ласкі, пазначаны абрадам пасыпання нашых галоў попелам, стане добрым стартам у чакаючым нас 40-днёвым марафоне малітвы, міласціні і паста, асабліва ў адказе ад дрэнных звычак. Амэн.
арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч