Як падрыхтаваць велікодны стол?

Як падрыхтаваць велікодны стол?

На іншых мовах: ru pl
Як падрыхтаваць велікодны стол?

Дзеля лепшай падрыхтоўкі да велікодных святаў заахвочваем прысвяціць больш часу на асабістую малітву, пастарацца завяршыць самыя працаёмкія хатнія справы ўжо на пачатку тыдня і паклапаціцца пра велікодныя пачастункі. Для благаслаўлення ў кошыку, як традыцыйна рабілі нашы дзяды, можна пакласці: пасхальны баранак, яйкі, хлеб, соль, велікодную здобу, вяндліну, хрэн, сыр і інш.

Але што найважнейшае за пасхальным сталом? Асноўнымі хрысціянскімі атрыбутамі на велікодным стале з’яўляюцца Пасхальны Баранак і свечка. Яны неабходныя, каб вернікі, частуючыся, не забывалі аб найважнейшым пасланні гэтага свята.

Як падрыхтаваць пасхальным стол?

  1. Стол засцілаем белым абрусам.
  2. На стале знаходзіцца свечка – святло Хрыста.
  3. Пасхальны Баранак – сімвал уваскрослага Хрыста. Габрэі на Пасху ахвяроўвалі баранка, які ўзгадваў пра лёсавызначальную падзею ў іх гісторыі: калі яны знаходзіліся ў няволі ў Егіпце, Бог пачуў іх просьбы аб вызваленні і не даў ім загінуць. Бог загадаў ізраільцянам акрапіць свае дзверы крывёю ахвярнага баранка. Жыхары пазначаных дамоў ацалелі, у неакропленыя ж завітала Божая знішчальная моц, якая напужала фараона і змусіла дараваць габрэям свабоду. Ахвярны баранак з’яўляецца прадказаннем ахвяры Езуса Хрыста, які, праліўшы сваю кроў на крыжы, вызваліў кожнага чалавека з няволі граху і захаваў ад вечнай смерці.
  4. Яйка – сімвал новага жыцця, знак перамогі Хрыста над смерцю.
  5. Хлеб – Божы дар, Хлеб у Эўхарыстыі – Цела Хрыста.
  6. Соль – захаванне ад сапсавання, “Вы – соль зямлі” – кажа Хрыстус.
  7. Вяндліна – сімвал дабрабыту і заможнасці сям’і; іншыя стравы – паводле густу і сямейнай традыцыі.